ЛІ́ПАВЫЯ ЛЯСЫ́, ліпнякі,

фармацыя шыракалістых лясоў, у якіх пераважае ліпа. На Беларусі ўтвараюцца на месцы дуброў і ялова-шыракалістых лясоў. Займаюць багатыя, добра дрэніраваныя, гумусаваныя дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя глебы. Пл. 0,03%. Адрозніваюць 5 тыпаў Л.л.: кіслічны, сніткавы, крапіўны, папарацевы і чарнічны. Дрэвастоі складаюцца з некалькіх ярусаў. 1-ы ярус (акрамя ліпы): асіна, бяроза (павіслая і пушыстая), вольха чорная, граб, дуб, елка, клён, ясень; 2-і — вязавыя, елка, граб, клён. Падлесак добра развіты (крушына ломкая, ляшчына, парэчкі, рабіна, чаромха і інш.). Высокапрадукцыйныя, маюць ахоўнае, гідралагічнае і прамысл. значэнне, каштоўныя меданосныя плантацыі.

Ліпавыя лясы: 1 — вясной; 2 — восенню.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)